ТРО́ФІКА НЕРВО́ВАЯ,
уплыў нервовай сістэмы на структурна-хім. арганізацыю органаў і тканак, іх рост і развіццё праз уздзеянне на абмен рэчываў. Выпадзенне трафічнага рэгулявання суправаджаецца паталаг. зменамі ў тканках (атрафіі, змярцвенні, язвы), т.зв. нейрагенныя дыстрафіі. Трафічная функцыя ўласціва амаль усім нервам, таму спец. трафічных нерваў мала. Да іх адносяць сімпатычныя нервы, што стымулююць абмен рэчываў у міякардзе, нервы, якія мабілізуюць тлушчавыя запасы, і інш. У працэсе Т.н. удзельнічаюць медыятары (катэхаламіны, сератанін, гістамін і інш.) і некат. неідэнтыфікаваныя хім. злучэнні, што ўтвараюцца ў нерв. ствалах.
А.С.Леанцюк.
т. 15, с. 529
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)